Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына
BlrБеларуская
Праграмы Медыі пра нас Распавесці ідэю/праблему Партнёры Форум Кантакт
Навіны
Субота, Люты 17, 2018
|
Галоўныя навіны, Гарады, Гродна, Навіны
Праглядаў: 188

«Гэта адназначна Вітаўт». На раскопках у горадзенскім Старым замку знайшлі цагліну з «Калюмнамі»

Унікальная для Беларусі знаходка трапілася горадзенскім археолягам у двары Старога замку. На цагліну з гербам часоў князя Вітаўта «Калюмны» наткнуліся ў чацьвер, 15 лютага. Раней такое знаходзілі толькі ў Літве.

Знайшлі ў слаі гліны і сьмецьця

Спачатку ў шурфе пасярэдзіне замкавага двара археолягі знаходзілі фрагмэнты гатычнай цэглы з выпуклымі выявамі, нібы нейкіх гербаў. Такія не трапляліся з даваенных часоў — былі толькі з выявамі, выразанымі нажом.

«Падазравалі „Калюмны“, але да канца зразумелі, калі ў слаі сьмецьця і гліны адкапалі цэлую цагліну з выявай герба ў выглядзе трох слупоў. Яна адносіцца да замку Вітаўта, датуецца канцом XIV — пачаткам XV стагодзьдзя. Плошча цагліны прыкладна 30×20 сантымэтраў. Астатнія фрагмэнты таксама складаюцца ў цэлую выяву калюмнаў», — кажуць археолягі, якія працуюць на раскопках.

Герб «Калюмны» — адзін зь дзяржаўных сымбаляў Вялікага Княства Літоўскага: у чырвоным полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Яго пачалі выкарыстоўваць як дзяржаўны сымбаль у пэрыяд княжаньня Гедыміна. Таму ён яшчэ называецца «Слупы Гедыміна».

Артэфакты перададуць у гісторыка-архэалягічны музэй.

Пра часы Вітаўта кажуць выява і памер

Археоляг Генадзь Семянчук патлумачыў, што такіх знаходак у Беларусі раней не было. Падобнае знаходзілі толькі ў Троцкім (Тракайскім) замку ў Літве, які належаў Кейстуту і Вітаўту. Уважаючы на герб, памеры цагліны і слой, у якім яе знайшлі, адмысловец пацьвердзіў, што артэфакт належыць да часоў князя Вітаўта.

«Герб „Калюмны“ характэрны для галіны Альгердавічаў, якая ішла ад ягонага сына Кейстута. Гэты герб выкарыстоўвалі Кейстут, Вітаўт і іхнія дзеці. Герб „Пагоня“ больш зьвязаны з галіною роду Альгерда, якая ішла па Ягайлу. Хвосьцікаў у „Калюмнах“ не было, але гэта хвосьцік ня Рурыкавічаў. Гэта адназначна Вітаўт. Знаходка ўнікальная. Трэба радавацца», — кажа спадар Семянчук.

Па словах археоляга, у гэтай сытуацыі вызначальны памер. Гатычная цэгла часоў Вітаўта павінна быць як мінімум 27–30 сантымэтраў даўжынёй, 14–15 сантымэтраў шырынёй, да 6–10 сантымэтраў і больш таўшчынёй. У часы ж Рурыкавічаў карысталіся тонкай плінфай.

«Гэта фрагмэнт сьцяны вежы, палаца або церама»

Гэтая знаходка, паводле спадара Семенчука, сьведчыць, што ў часы Вітаўта горадзенскі замак перабудоўваўся, стаў больш магутным, больш мураваным.

«Гэта фрагмэнт канкрэтнага архітэктурнага збудаваньня: ці сьцяны, ці гаспадарчай пабудовы, хутчэй за ўсё, вежы, а можа нават палаца або церама. Такую цэглу не маглі выкарыстоўваць для пабудовы печы. Цэгла з гербам сьведчыць пра вялікакняскую цагельню, а не прыватнае будаўніцтва», — кажа археоляг.

svaboda.org 

Беларусь,Гарадзеншчына,Гародня,гісторыя,грамадства,культура
контакте
Зачыніць
Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на civilhrodna.org. © 2014-2018 «Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына»