Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына
BlrБеларуская
Праграмы Медыі пра нас Распавесці ідэю/праблему Партнёры Форум Кантакт
Навіны
Чацвер, Лістапад 29, 2018
|
Галоўныя навіны, Навіны
Праглядаў: 220

«Радзіма шэпча: „Валіце адсюль“». Як сям’я гарадзенцаў займаецца адукацыяй пэнсіянэраў і журналістаў

Гарадзенцы Вітаўт і Лана Руднікі вярнулі сэнс жыцьця на пэнсіі сотням сталых людзей, выхавалі не адзін дзясятак вядомых сёньня журналістаў, дапамагаюць дарослым людзям здабываць патрэбныя ўменьні, якім ня вучаць ва ўнівэрсытэтах. Яны расказалі Свабодзе, што трэба выхоўваць у беларусах, чаму сумесная праца не псуе сямейных адносінаў і якой яны бачаць уласную старасьць.

Пару магутнага барадатага Вітаўта і жвавай бляндынкі Ланы ведаюць ня толькі ў роднай Горадні, але і ў суседніх краінах, куды іх запрашаюць дзяліцца досьведам.

Вітаўту — 49, Лане — 46. Пазнаёміліся ў студэнцкім інтэрнаце дзякуючы запалкам. Разам ужо амаль 30 гадоў. Усё жыцьцё вучылі дарослых людзей. Заснавалі першы ў Беларусі «Унівэрсытэт Залатога веку» , у якім вучацца пэнсіянэры. У раскладзе больш за 40 курсаў: кампутарная асьвета, замежныя мовы, клюб падарожжаў, лацінаамэрыканскія танцы, скандынаўская хада, астраномія, псыхалёгія.

Выхопліваем Лану і Вітаўта з працы перад чарговай паездкай і забіраем у кавярню. Яны ўпарцяцца і спрабуюць знайсьці магчымасьць застацца ў офісе. Па дарозе ўдакладняюць адно ў аднаго, ці пазванілі таму, ці зрабілі копіі, ці адаслалі ліст.

За стырном Лана, у Вітаўта слабыя нэрвы кіраваць машынай, жартуюць яны. Зьяжджаюць у працоўнай патрэбе на тыдзень. Палову салёну займаюць валізка, торбачкі, кантэйнэры. Заўжды стылёва апранутыя, адказваюць, што прас з сабой ня возяць.

У абодвух бутэлечкі зь нейкімі вітамінамі. Цягам чатырох апошніх дзён жывуць амаль на адной вадзе — аздараўленчая дыета.

«Здароўе — гэта першае, што мы аддалі ў ахвяру сваёй справе», — прызнаецца Вітаўт.

Па дарозе да кавярні Лана ловіць магчымасьць абнавіць аватарку, гарэзьліва шукае лепшы фон для фота і свой «працоўны бок».

«Малая, ці маеш запалкі?»

На пытаньне пра знаёмства абодва ўсьміхаюцца як маладыя закаханыя, апускаюць вочы і перадаюць слова адно аднаму.

Упершыню ўбачыліся 29 гадоў таму ў горадзенскім студэнцкім інтэрнаце. Вітаўт вярнуўся з войска з Вугоршчыны, першакурсьніцу Лану пасялілі побач. Вітаўт жыў у «сотым» пакоі, які лічыўся цэнтрам інтэлектуальнага жыцьця інтэрнату — зь бел-чырвона-белымі-сьцягамі, найлепшымі кнігамі й музыкай.

Першае, што ён сказаў будучай жонцы: «Малая, ці маеш запалкі?». Яны былі патрэбныя на кухні — Вітаўт ніколі не паліў. Потым былі сустрэчы ва ўнівэрсытэце, флірт на дыскатэках, запрашэньні ў госьці і дзявочыя адмовы: «Я да незнаёмых хлопцаў у госьці не хаджу».

Ажно Вітаўт зладзіў вечарыну ў іхным хлапечым пакоі і запрасіў Лану зь сяброўкамі.

«Прыйшлося залучыць цяжкую артылерыю з гітарамі й сьвечкамі», — усьміхаецца Вітаўт.

Пасьля вечарыны ён запрасіў дзяўчыну на калідор, прызнаўся, што яна яму падабаецца. «Актыўна настойваў», — узгадвае Лана. Так пачаліся сур’ёзныя адносіны. Удзень яны шмат шпацыравалі па горадзе, вечарамі сустракаліся ў свабодным памяшканьні інтэрнату — «цалавальні». Калі Лана заканчвала ўнівэрсытэт, ажаніліся. Нарадзілі дачку Алесю.

«Пажыў толькі з адной і не шкадую»

Праз амаль 30 гадоў сужэнцы лічаць сябе такімі ж рамантычнымі.

«З гадамі зьяўляецца цеплыня, адчуваньне надзейнага чалавека, камфорт, што менавіта ён побач. Хоць няма эмацыйных віхураў. Ня ведаю, як у іншых, бо пажыў толькі з адной і не шкадую», — усьміхаецца Вітаўт.

Дагэтуль ён дбае пра рамантыку. Можа зрабіць для жонкі паштоўку сваімі рукамі і зладзіць вечар зь віном пры сьвечках.

«Я такія рэчы вельмі цаню», — кажа Лана.

Неяк Вітаўт трапіў на месяц на стаж у Прагу, на Радыё Свабода. Прывёз адтуль жонцы францускую парфуму «Miss Dior». Патраціў на яе ўсе грошы для штодзённых выдаткаў. Лана падзякавала за падарунак, панюхала водар… і паставіла на палічку. Пах зусім не пасаваў, хоць Вітаўту не прызналася. Але муж зразумеў і пасьля гэтага вырашыў не дарыць парфумы без узгадненьня.

«А памятаеш леапардавую спаднічку зь Беластоку? — вочы Ланкі запальваюцца. — У мяне са школы быў комплекс, што ў мяне крывыя ногі. А потым мы пазнаёміліся зь Вітаўтам: „Чаму ты не надзяеш кароткія спадніцы? У цябе такія прыгожыя ногі“. На летніх вакацыях ён паехаў у Польшчу на заробкі і прывёз вельмі кароткую спаднічку. Дзяўчаты, калі ў вас шмат комплексаў, ад іх выратуе сапраўднае каханьне».

Першы заробак — 14 даляраў

Першыя сумесныя гады былі складаныя матэрыяльна.

«Татка казаў: „Дітятко, як побачу тыбэ ў гэтым пальтычковы холодным, у чоботках, то сэрцэ кроўю облываецца. Коб моглы б, то помоглы б..“.. А мы былі шчасьлівыя. Я з пузам, нас перасяляюць у іншы інтэрнат. Цэлыя 20 квадратных мэтраў. У нас было няшмат рэчаў: драўлянае крэсла, тумбачка, пляфон, абажур і канапа», — узгадвае Лана.

Шмат гадоў жылі ў інтэрнаце. Абодва вясковыя, ён з Астравецкага, яна з Пружанскага раёнаў. У бацькоў грошы ня бралі. Лана ў дэкрэце. Першы Вітаўтавы заробак у Музэі гісторыі рэлігіі — 14 даляраў. Малая — алергік, татавага заробку хапала на два пакункі сумесі для яе без казэіну.

Паралельна Вітаўт валянтэрыў у дабрачынным каталіцкім таварыстве Caritas. Там мог узяць адзеньне для дачкі, макарону. Потым перайшоў працаваць у газэту «Пагоня».

«Цяпер у кватэры можна кружыцца»

Пасьля інтэрнату Руднікі пераехалі ў кватэру-палутарку на 20 гадоў. Туды было цяжка запрасіць гасьцей, пакласьці іх на начлег. Некалькі гадоў таму набылі большае жытло.

«Цяпер у нас можна кружыцца. Я вельмі люблю прастору», — кажа Лана.

У хаце яны часам не бываюць па паўмесяца, але дом для іх — месца набрацца сілы.

«Калі шмат работы, людзей навокал, дом пераўтвараецца ў прастору спакою, вольнага часу, гармоніі. Мы не ганяем адзін аднаго: „Што ты там не памыў, не прыгатаваў, чаму бардак?“», — кажа Вітаўт.

«У любой нашай кватэры мы маглі з дачкой маляваць на сьценах зайчыкаў, кветачкі, каровак. Там няма дарагіх фатэляў, канапаў. Важныя прастора і энэргетыка, якой ты яе напаўняеш», — дадае Лана.

«Малыш, нам трэба быць першымі»

Вітаўт і Лана разам і на працы. 21 год таму яны зь сябрамі стварылі грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтар „Трэці сэктар“». Сярод дзясяткаў культурных, адукацыйных, сацыяльных праектаў у іх ёсьць любімыя «сын» і «дачка» — «Унівэрсытэт Залатога веку» і «Школа маладога журналіста» (цяпер «Школа сучаснай журналістыкі»). «Сын» хутчэй матчын, а «дачка» больш таткава. Нядаўна зьявілася яшчэ адна «дачушка» — «Студыя карысных кампэтэнцыяў», дзе займаюцца адукацыяй дарослых.

Адкрыцьцё 10-га сэзону «Ўнівэрсытэту Залатога веку» ў Горадні
Адкрыцьцё 10-га сэзону «Ўнівэрсытэту Залатога веку» ў Горадні

Неабходныя якасьці ў іхняй справе — працаздольнасьць, апантанасьць, шчырасьць аднаго перад адным. Нельга зрабіць кепска, напалову.

У студэнцкія часы, калі іх вазілі на бульбу, Вітаўт, камандзір атраду, казаў на просьбу Ланы адпачыць: «Малыш, нам трэба быць першымі. Мы ня маем права быць горшымі, нам трэба паказваць прыклад».

«І цяпер ён можа забыцца на вячэру, сон. Калі ёсьць справы, сядае і працуе. І я, калі захапляюся, не памятаю, колькі часу», — апавядае Лана.

Якіх людзей цяпер бракуе Беларусі, дык гэта, на думку Руднікаў, неабыякавых. Бо за апошнія 20 гадоў выхавалася пакаленьне, якое прывыкла нікуды ня ўмешвацца і думаць стэрэатыпна.

«Патрэбныя людзі, якія маюць грамадзкую пазыцыю, разумеюць, дзеля чаго жывуць, адстойваюць свае прынцыпы. Бракуе людзей, якія валодаюць элемэнтарнай культурай, ведаюць свае карані», — аналізуе Вітаўт.

На думку Ланы, не хапае здаровых і шчасьлівых.

«Крытычна думаць, улагоджваць канфлікты, дамаўляцца, адстойваць сваю пазыцыю — неабходна, каб разьвівацца самому і разьвіваць грамадзтва. Гэтаму цяжка навучыцца ў нашай сыстэме адукацыі», — мяркуе яна.

Ярлык «апазыцыя» замінае працы

Сужэнцы пагаджаюцца, што сумесная праца не псуе стасункаў.

«Мы можам дома параіцца ў працоўных пытаньнях, на працы — мець падтрымку ня проста калегі, а сямейную. Хваляваньне можа зьняць нават позірк, маўляў, усё нармальна, працуем. Бывае, працоўныя моманты пераносяцца дадому, і замест адпачынку — прынцыповыя спрэчкі. Але гэта нівэлюецца вялікай колькасьцю плюсаў», — адзначае Вітаўт.

З кожным годам займацца грамадзкай дзейнасьцю даводзіцца ва ўсё больш неспрыяльных умовах. Наведнікаў некаторых праграмаў могуць пасьля выклікаць «на дыван» на працы, тэлепраграму пра адукацыю пэнсіянэраў зьняць у дзень выхаду ў эфір, а Руднікам прыпісаць удзел у палітычнай акцыі, дзе іх не было.

«Калі табе ўвесь час нагадваюць: „Ты апазыцыя“, гэта распальвае сацыяльную варожасьць. Я абсалютна не цураюся слова „апазыцыя“, хоць ніяк не зьвязаны зь дзейнасьцю палітычных структураў. Мне мала за што ёсьць шанаваць гэтую ўладу. Але такія ярлыкі замінаюць працы. Нехта падумае, што тут адбываецца нешта шкоднае», — разважае Вітаўт.

Ён мяркуе, што ўлады іх баяцца таму, што яны рэальна працуюць з сотнямі людзей штодня. Але ж прынцып дзейнасьці «УЗВ» — палітычная і рэлігійная нэўтральнасьць.

«Ты гэта любіш, любіш гэтых людзей»

«Бываюць моманты адчаю, калі назіраеш сытуацыю партнэраў за мяжой, якія займаюцца тым жа, але ў іх зусім іншыя ўмовы працы — празрыстасьць, давер. Мы ў партнэрстве маглі б зрабіць нашую Беларусь лепшай і людзей, якія тут жывуць, больш шчасьлівымі. Беларусы шчырыя, працавітыя, адказныя людзі», — працягвае Лана.

З адчаем Лана змагаецца проста: дзень-два дазволіць сабе пэсымістычны настрой, а потым усьведамляе, што робіць справу нават не для студэнтаў, а для сябе.

«Ты робіш сваю працу, бо ты гэта любіш, любіш гэтых людзей. Гэта тваё пакліканьне», — разумее яна.

«Трэба разумець, чыёй удзячнасьці ты чакаеш. Студэнты УЗВ кажуць, што палепшылі здароўе, у сям’і наладзілі адносіны, вывучылі мовы і езьдзяць за мяжу, авалодалі кампутарам і працуюць у інтэрнэце. Натхняе, калі бачыш, як прагрэсуюць журналісты з нашай школы. Тое, што рабіў, не было марным», — падтрымлівае жонку Вітаўт.

— Думалі пра тое, хто будзе гэтым займацца пасьля вас?

— Гэтага проста ніхто ня возьме. Думаю, гэта сыдзе, — спакойна разважае Вітаўт.

Наведнікі «Ўнівэрсытэту Залатога веку» ў Горадні
Наведнікі «Ўнівэрсытэту Залатога веку» ў Горадні

Ён мяркуе, гэта занадта вялікі аб’ём работы ў вельмі неспрыяльных умовах. Займацца такой справай — значыць траціць здароўе, сувязі, падстаўляцца пад абразы накшталт «ворагі народу», калі з табой баяцца мець дачыненьне нават былыя калегі.

«Трэба болей сонца»

Руднікі шмат падарожнічаюць. Працоўныя паездкі звычайна па суседніх краінах. Адпачынак плянуюць у далейшыя мясьціны. Апошнім часам езьдзяць папраўляць здароўе ў індыйскую клініку.

«Падарожжа — гэта адпачынак фізычны і маральны. Новыя ўражаньні, людзі, мовы, культуры, кухні. Азіраесься на жыцьцё і разумееш, што гэта набор уражаньняў», — дзеліцца думкамі Вітаўт.

З усіх народаў яму бліжэйшыя ўкраінцы і палякі — з падобнай гісторыяй, мовай, культурай. Любіць грузінаў за адкрытасьць, незакілзанасьць, гасьціннасьць. Падчас паездкі ва Ўзбэкістан заўважыў, як падобныя нашыя краіны.

«Яны ўсё жыцьцё пражылі пры дыктатуры, прывыклі не высоўвацца. Журналістыка базуецца на абавязковай падпісцы. У Ташкенце для мяне ўсё было зразумела: чаму так чыста, чаму шмат паліцыі, чаму гавораць або не гавораць пра ўладу», — апавядае ён.

Ва ўзбэкаў засталася традыцыя вялікіх сьвятаў, калі вясельле на 1000 чалавек у вёсцы сьвяткуюць цягам тыдня. Людзі аддаюць на гэта апошнія грошы, але ўтрымліваюць сямейныя сувязі.

На Лану моцнае ўражаньне зрабіла Індыя.

«Індыйцы мэтафарычныя. Калі мы прыехалі ўпершыню ў клініку ў Керале, штат на поўдні Індыі, лекар паказвае мне на сонечнае спляценьне і кажа: „Я зразумеў, чаго табе не хапае — сонца тут мала“», — кажа Лана.

Яна апавядае, што ў індыйцаў неймаверна шмат сонца ў прамым і пераносным сэнсе. Яны зарабляюць невялікія грошы, але бясконца ўсьміхаюцца, танцуюць.

«Я прыехала дадому і сьвяцілася, можа, паўгоду».

«Радзіма шэпча: „Валіце адсюль“»

Пакуль Руднікі не зьяжджаюць зь Беларусі дзеля любімай справы. Але Вітаўт, які раней адкідваў гэтую тэму, цяпер не выключае эміграцыі.

«Пакуль Радзіма толькі шэпча: „Валіце адсюль, бяз вас будзе спакайней“. Калі будзе крычаць, можа звалім. Але спадзяемся, што да гэтага ня дойдзе», — тлумачыць ён.

«Чалавечае жыцьцё непрадказальнае. Цяжка быць у нечым упэўненым, у тым ліку ў тым, дзе ты заўтра будзеш жыць», — разважае Лана.

Бацькі спакойна ставяцца да таго, што дачка Алеся разам з мужам зьехала ў Швэцыю для вучобы і можа застацца там жыць.

«Я ніводнага чалавека не асуджаў за тое, што ён зьехаў. Нашая дачка зь дзяцінства рабіла свой выбар — у якую школу пайсьці, на якую дысцыпліну паступаць», — кажа тата Алесі.

«Сёньня можна быць сапраўдным беларусам дзе заўгодна. Зараз ня час выбудоўваць межы і сядзець у адным месцы», — дадае маці.

— Як вы ўяўляеце ўласную старасьць?

Вітаўт жартуе, што для гэтага яны стварылі ЎЗВ. На пэнсіі ён марыць заставацца здаровым, менш часу працаваць, мець сілы на падарожжы.

«Я сяджу ў сваім кабінэце і пішу пяты том энцыкляпэдыі пра футбол. Гэта не дае мне грошаў, але прыносіць задавальненьне», — фантазуе Вітаўт.

«А я на кухні, шмат унукаў. Часам можна выйсьці ва Ўнівэрсытэт», — дадае Лана.

svaboda.org

Беларусь,Гарадзеншчына,Гародня,грамадства
контакте
Зачыніць
Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на civilhrodna.org. © 2014-2019 «Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына»