
ПАД МІЛІЦЭЙСКІМ СУПРАВАДЖЭННЕМ
Нагадаем, слонімскую маршрутку з 15 пасажырамі ДАІ завярнула з трасы на Мінск у Карэлічы, дзе цягам трох гадзін нібыта праводзілася праверка. Пасля ўсіх адпусцілі, не выявіўшы ніякіх парушэнняў з боку перавозчыка. У выніку, замест 13 гадзін, людзі патрапілі ў сталіцу толькі ў 16. Такім чынам, не толькі не патрапілі на святочны канцэрт Масюк і Севасцьян, але і астатнім пасажырам маршруткі міліцыя падкарэктавала планы ў дзень 100-годдзя БНР.
Больш як праз месяц, 28 красавіка, начальнік карэліцкай міліцыі адказвае на скаргі слонімцаў: «Прычынай спынення і дастаўкі кіроўцы аўтобуса ў Карэліцкі РАУС з`явілася неабходнасць агляду на прадмет ужывання спіртных напояў і праверка законнасці ажыццяўлення міжгародніх перавозак аўтамабільным транспартам. На падставе сабраных матэрыялаў вынесена заключэнне аб спыненні праверкі».
Абскарджваць у вышэйшыя інстанцыі рэакцыю начальніка Карэліцкага РАУС на гэтую сітуацыю, па словах слонімцаў, не мае сэнсу.

ПАВЕЛ СЕВАСЦЬЯН
— Нават адказ ад карэліцкага начальніка міліцыі прыйшоў мне са спазненнем на некалькі дзён, а не ў адведзены законам месячны тэрмін. Так званыя праваахоўнікі не лічацца з заканадаўствам нават у дробязях. Яны выконваюць загад свайго начальства. Ніякія нашы скаргі ў падобных сітуацыях ім не страшныя, бо сістэма гэтай улады гарантуе ім беспакаранасць. Таму не бачу сэнсу абскарджваць вышэй гэты адказ, — пракаментаваў сітуацыю Павел Севасцьян.


АЛЕСЬ МАСЮК
— Слонімская маршрутка адназначна была затрымана без усялякіх законных падстаў. А каб апраўдаць свае беззаконныя дзеянні, міліцыя і прыдумала прычыны. Пры неабходнасці ўсе праверкі можна было хутка правесці на месцы, дзе быў спынены бус, а не ехаць у РАУС, каб там трымаць людзей без тлумачэння прычын, амаль тры гадзіны. Мала таго, што нас незаконна пратрымалі ў РАУС, дык яшчэ карэліцкая міліцыя парушыла закон аб звароце грамадзян, бо адказ нам далі пазней за вызначаны тэрмін. Прайшло больш за месяц з моманту напісання скаргі.
Наконт абскарджання трэба падумаць, ці варта абскарджваць дзеянні тых, хто павінен стаяць на варце закону і парадку, — са свайго боку пракаментаваў адказ на сваю скаргу начальніка Карэліцкага РАУС Алесь Масюк.
|