Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына
BlrБеларуская
Праграмы Медыі пра нас Распавесці ідэю/праблему Партнёры Форум Кантакт
Навіны
Субота, Чэрвень 30, 2018
|
Галоўныя навіны, Гарады, Грамадства, Гродна, Навіны
Праглядаў: 146

У Горадні прадаецца дом, дзе жыў рэдактар віленскай «Студэнцкай думкі»

У Горадні выставілі на продаж дом, дзе жыў рэдактар віленскай «Студэнцкай думкі», вядомы ў даваенным беларускім руху доктар Мікалай Марцінчык. Ён быў з тых людзей, каго карцела асабіста дапытаць злавесна вядомаму шэфу рэспубліканскага МГБ Лаўрэнцію Цанаву. Марцінчыка доўга не чапалі, але потым усё ж арыштавалі — у 1948-м.

garodniadom

Дом, дзе жыла ў Горадні сямʼя Марцінчыкаў, пабудованы за царскім часам. Двухпавярховы, на чатыры кватэры. Стаіць на рагу Віленскай і Лермантава. Днямі на фасадзе паявілася расьцяжка: «Прадаецца». Мне давялося аднойчы пабываць у кватэры Марцінчыкаў. Трыццаць год таму. Самога доктара ўжо не было ў жывых, паразмаўляць удалося з удавой і сынам. Мы пабывалі ў іх разам з гісторыкам мэдыцыны Фёдарам Ігнатовічам. Вынікам стала публікацыя ў «Гродзенскай праўдзе», дзе я працаваў.

Гэта быў час гарбачоўскай перабудовы, і ўдава расказала такія рэчы, пра якія раней бы хутчэй прамаўчала. Мне яе ўспаміны здаліся месцамі такімі літаратурнымі, што неўзабаве я часткова выкарыстаў іх у аповесьці пра 1953 год, пра сьмерць Сталіна. Назва яе, між іншым, «Deus ex machine».

Уявіце сабе: закончылася страшэнная вайна, залечваньне ранаў. А МГБ ня сьпіць, карнаму сталінскаму органу пастаянна патрэбныя ахвяры. Мікалая Марцінчыка арыштоўвалі двойчы. Першы раз запраторылі ў Варкуту. Выжыў толькі дзякуючы спэцыяльнасьці: спатрэбіўся чалавек у лягернай амбуляторыі. Яго выпусьцілі за ўзорныя паводзіны. Але ненадоўга.

У кватэры зьнянацку зноў зьявіліся людзі ў фуражках з васільковым аколышам. Калі яго забіралі, жонка ў адчаі запытала, чаму арыштоўваюць бязьвінных людзей, у чым жа тады сэнс таго, што адбываецца? А ён адказаў ёй сам: «А сэнс у тым, каб не было сэнсу».

Мікалай Марцінчык
Мікалай Марцінчык

А потым яна сустрэла выпадкова на вуліцы таго супрацоўніка, які арыштоўваў мужа, высяляў іх з кватэры і канфіскоўваў маёмасьць. А гэта ўжо з аповесьці, яна ў маёй кнізе «Цэнзарскія нажніцы»: «На ім быў карычневы гарнітур, які належаў яе мужу. Яна пазнала рэч адразу, бо ўшывала пінжак. Той зразумеў яе позірк, нечакана пачырванеў і хуценька прайшоў міма, нібы не пазнаў».

Гэта было мною запісана са словаў жонкі Марцінчыка. Карацей кажучы: чалавека за краты, у канцлягер, сямʼю — на вуліцу, а рэчы — «у даход дзяржавы». Ці сабе? Прынамсі, што воку спадабаецца. Матэрыяльная зацікаўленасьць дый годзе! Зрэшты, хіба гэта магло кагосьці зьдзівіць? А што пачырванеў чалавек — вось дзе навіна! Памятаў, што «сьмятанку на вусах» мае, не забываўся ніколі.

Мікалай Марцінчык вярнуўся дахаты толькі ў 1956-м. І куды пайсьці? Нават калі ты ні ў чым не вінаваты, калі рэабілітацыю атрымаў, ты ўсё адно для іншых нібы пад падазрэньнем: «дыму без агню не бывае». Чалавек закончыў Віленскі ўнівэрсытэт, да вайны вельмі пасьпяховы доктар, але цяпер «ні госьць, ні гаспадар». Дапамог Аляксей Карпюк, тады пісьменьнік на пачатку свайго літаратурнага шляху. Мікалая Марцінчыка ўзялі ў абласную бальніцу.

Чаму Карпюк? Марцінчык дапамагаў партызанам мэдыкамэнтамі, якраз атраду Карпюка, які насіў імя Кастуся Каліноўскага. Гэта было на Беласточчыне. Так супала: абодва пасьля вайны перабраліся ў Горадню. Спачатку Марцінчыка нават прызначылі галоўурачом абласной інфэкцыйнай бальніцы.

Наогул пра Марцінчыка падрабязна паведамляе «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі». Удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе па стварэньні Грамады. Быў у кіраўніках Беларускага студэнцкага саюзу і Белнацкаму. Рэдагаваў «Студэнцкую думку». Затым у кіраўніцтве ТБШ, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Польскія ўлады двойчы арыштоўвалі, затым выслалі пад нагляд паліцыі ў Нараўку. Прэса КПЗБ яго не любіла, называла «агентам нацыянал-фашызму». Для МГБ, зразумела, «ласы кавалак».

Іншая рэч, што і ў незалежнай Беларусі ўшанаваць памяць доктара Марцінчыка не пажадалі. Так і не зьявілася на доме, што на рагу Віленскай і Лермантава, памятнай шыльды. А зараз будынак прададуць у прыватныя рукі. І ня выключана, што перабудуюць затым ці наогул разбураць. Такая практыка ў Горадні трывае.

Наогул, гэта наша «беларуская савецкая» традыцыя, якая не зьмяняецца. Памяць пра Аляксея Карпюка таксама ніяк не ўшанаваная, хоць гараджане зьбіралі подпісы, зьвярталіся да начальства. А дом, дзе ў Горадні жыў пасьля вайны Рыгор Шырма, даўно разбураны.

У музэі-аптэцы (самай старой у Беларусі) ёсьць аптэчны посуд, які належаў доктару Марцінчыку, карэспандэнцыя. Рэчы перадаў дзесяць год таму ягоны сын. Супрацоўніца музэю Вікторыя Ткачова зазначае, што ён быў вельмі кваліфікаваным і актыўным лекарам. Меў практыку ў Вільні. Вёў пастаянную перапіску з мэдыцынскімі ўстановамі, выпісваў новыя лекі, посуд, абсталяваньне, стварыў да вайны ў Нараўцы рэнтген-кабінэт, што для сельскай мясцовасьці было немалой рэдкасьцю.

Мне ўсё ж такі хочацца верыць, што гэта магчыма — павесіць некалі памятную шыльду, прысьвечаную выдатнаму беларускаму патрыёту. Няхай нават тэкст будзе сьціплы: «Тут жыў Мікалай Марцінчык, рэдактар „Студэнцкай думкі“ (Вільня), адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, вядомы лекар».

Беларусь,Гарадзеншчына,Гародня,грамадства
контакте
Зачыніць
Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на civilhrodna.org. © 2014-2018 «Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына»