Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына
BlrБеларуская
Праграмы Медыі пра нас Распавесці ідэю/праблему Партнёры Форум Кантакт
Навіны
Чацвер, Кастрычнік 13, 2016
|
Гарады, Грамадства, Ліда
Праглядаў: 247

У Лідзкім выканкаме пацьвердзілі, што займаюцца прымусовай падпіскай на дзяржаўныя СМІ

Лідзкі чыноўнік патлумачыў Беларускай асацыяцыі журналістаў, што абавязковая падпіска на дзяржаўныя выданьні спрыяе правядзеньню інфармацыйнай работы з насельніцтвам на больш высокім узроўні.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьмясьціла на сайце адказ намесьніка старшыні Лідзкага райвыканкаму на арганізаваную гэтым выканаўчым камітэтам абавязковую падпіску на дзяржаўныя выданьні. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў беларускіх СМІ.

У лісьце, падпісаным намесьнікам старшыні райвыканкаму Міхаілам Карповічам, зьвярталася ўвага кіраўнікоў прадпрыемстваў «на неабходнасьць прыняцьця захадаў дзеля правядзеньня падпісной кампаніі на 4 квартал на выданьні „Советская Белоруссия“, „Рэспубліка“, „Звязда“, „Гродзенская праўда“, „Лідская газета“ і іншыя…» Колькасьць выпісаных выданьняў павінна складаць ня менш за 50 % ад колькасьці работнікаў прадпрыемства, адзначалася ў дакумэнце, што трапіў у прэсу.

Лідзкі чыноўнік не адмаўляе існаваньня такога ліста і піша, што «ў сувязі з тым, што інфармацыя па пытаньнях правядзеньня адзіных дзён інфармаваньня насельніцтва да чальцоў інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў публікуецца ў сродках масавай інфармацыі, а грамадзяне працягваюць уздымаць адны і тыя ж пытаньні, якія неаднаразова асьвятляліся ў рэспубліканскіх, абласных і раённых выданьнях, Лідзкі раённы выканаўчы камітэт зьвярнуў увагу кіраўнікоў на неабходнасьць актывізацыі падпісной кампаніі ў працоўных калектывах.

Арганізацыя падпісной кампаніі спрыяе правядзеньню інфармацыйнай работы з насельніцтвам на больш высокім узроўні, — гаворыцца ў адказе.

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Свабода зьвярнулася па камэнтар да старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца. Паводле яго, тут справа ня толькі ў адказе чыноўніка, паколькі ён толькі пацьвердзіў факт таго, што ўлады зьвярталіся да прадпрыемстваў з заклікам праводзіць падпіску на дзяржаўныя выданьні.

— А гэта адкрыта парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, бо парушае ўмовы роўнай канкурэнцыі і стварае перавагі для суб’ектаў гаспадараньня, якія выдаюць дзяржаўныя мэдыя. Мы цяпер думаем, як адрэагаваць на гэтую гісторыю, і рыхтуем скаргі ў кампэтэнтныя органы.

***

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» неаднаразова зьвяртала ўвагу на тое, што падпісныя дырэктывы чыноўнікаў істотна парушаюць роўнасьць умоваў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Беларусі.

Да таго ж шэраг недзяржаўных выданьняў па-ранейшаму ня ўключаныя ў падпісны каталог РУП «Белпошта», куды неаднаразова спрабавалі трапіць, але атрымлівалі адмовы.

svaboda.org

Беларусь,Гарадзеншчына,грамадства,Ліда,смі
контакте
Зачыніць
Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на civilhrodna.org. © 2014-2017 «Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына»