Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына
BlrБеларуская
Праграмы Медыі пра нас Распавесці ідэю/праблему Партнёры Форум Кантакт
Навіны
Пятніца, Студзень 4, 2019
|
Галоўныя навіны, Гарады, Грамадства, Навіны
Праглядаў: 286

Як з дапамогай “мясцовых” сайтаў і суполак беларусаў рыхтуюць да “ўз’яднання” з Расіяй

Апошні месяц толькі лянівы не казаў пра пагрозу страты Беларуссю незалежнасці. Выказванні Мядзведзева, твіт Жырыноўскага, інтэрв’ю дэпутата дзярждумы… Ды што там, нават украінскія журналісты Мацвей Ганапольскі і Дзмітрый Гардон у эфіры тэлебачання цалкам сур’ёзна разважалі пра будучую анэксію Беларусі.

Насамрэч, размовы пра такі сцэнар для Беларусі былі і раней. Цікава тое, як гэтым разам адгукнуўся беларускі інтэрнэт і сацсеткі.

Да Крыму пра “ўз’яднанне” не казалі сур’ёзна?

Выказванні пра нейкае “ўз’яднанне” ці наўпрост уваход Беларусі ў склад Расіі можна было пачуць і раней. Аднак да падзей ва Украіне 2013/2014 гадоў гучалі яны рэдка і не выклікалі вялікага інтэрэсу. Так сабе, рытуальныя словы і не болей.

Падаецца, што ўзмацненне аб’яднаўчай рыторыкі адбылося пасля далучэння Крыму да Расіі. Але палітолаг Дзяніс Мельянцоў не лічыць цяперашнія выказванні пра аб’яднанне Беларусі з Расіяй звязанымі з украінскімі падзеямі:

“Тэма пра ўз’яднанне Беларусі і Расіі – не новая з’ява. Яна ўздымалася і раней з пэўнай перыядычнасцю, пачынаючы ад знакамітага выказвання Пуціна пра ўваход Беларусі ў склад Расіі шасцю абласцямі. Зараз гэтая тэма ў СМІ, на думку Крамля, мусіць прастымуляваць Мінск у нялёгкіх перамовах па нафце, візах і іншых пытаннях”.

“Украінскае пытанне падзяліла грамадства”

Паколькі значную частку медыяпрасторы Беларусі займаюць расійскія СМІ, беларусы маюць магчымасць штодзённа глядзець навіны і ток-шоў пра “бэндера-фашыстаў”, “шлях Крыму дадому” і перавагі “русского міра”.

“Украінскае пытанне даволі моцна падзяліла беларускае грамадства, бо хтосьці аказаўся на баку каштоўнасцяў “русскага свету”, а хтосьці адчуў салідарнасць з Украінай або пачаў больш сур’ёзна адчуваць сваю беларускую самасвядомасць”, – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Але ці сапраўды разам з гэтым у інтэрнэце пачало з’яўляцца больш выказванняў пра магчымае ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі? Эксперт не ўпэўнены, але некаторыя тэндэцыі заўважае.

“Цяжка сказаць, ці стала больш такіх размоваў, бо ў сацыяльных сетках ёсць фільтрацыйная “бурбалка”: людзі размаўляюць з колам сваіх знаёмых. Але на традыцыйных рэсурсах, дзе абмяркоўваліся палітычныя навіны, такія дыскусіі сталі з’яўляцца.

Гэтыя выказванні наконт таго, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі, з’яўляюцца хвалямі – калі ўзнікае для іх нагода. Нагодай могуць быць палітычныя прапановы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржавы, а могуць быць праблемы ў эканоміцы, калі пачынаюць казаць: “Вось расейскі рубель было б класна”. Зараз узнікла новая хваля”.

У інтэрнэце прарасійскі не толькі “Спутнік”

Дарэчы, у расійскіх палітычных ток-шоў з пэўнай перыядычнасцю дастаецца і Беларусі, на што нашыя ўлады рэагуюць. Гэтак, у канцы 2017 года, пасля таго як у эфіры праграмы “Место встречи” праехаліся па Аляксандру Лукашэнку і міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, гэтую праграму проста выкінулі з эфіру на тэрыторыі Беларусі. Раней іншую прапагандысцкую перадачу “Время покажет” перанеслі на АНТ у начны эфір.

Наўзамен прарасійскія медыі растуць у інтэрнэт-прасторы – у розных формах.

“Такі “Спутнік” – гэта дзяржаўная палітыка, а ёсць яшчэ аўтсорсінгавыя ініцыятывы, якія наўпрост не з’яўляюцца дзяржаўнымі, але маюць грошы ад расійскіх замоўшчыкаў. Ёсць супольнасці ў сацыяльных сетках, у якіх пытанне ўз’яднання ўзнікае даволі часта. Ёсць актыўныя каментатары, якія ходзяць па групах і, як кажуць, “топяць за тэму”, – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Рэсурс – “гродзенскі”, але 70% чытачоў – з Расіі

Такія лакальныя яскрава прарасійскія рэсуры з’яўляюцца ў рэгіёнах, у тым ліку ў Гродне. Акрамя падтрымкі Расіі, на іх часта пляжаць Украіну і беларускіх палітычных ды грамадскіх дзеячоў.

Гэтак, сайт grodno24.com, які з’яўляецца звычайным агрэгатарам навін, летам 2018 апублікаваў артыкул з пазітыўным водгукам пра магчымы ўваход Беларусі ў склад Расіі: «Воссоединение России с Беларусью стало бы крупным национальным успехом». На пытанне рэдакцыі Hrodna.life пра прычыны гэтага, уласнік сайта адказаў: “Мы размещаем на сайте материалы, которые будут интересны людям разных политических взглядов”.

Як з дапамогай “мясцовых” сайтаў і суполак беларусаў рыхтуюць да “ўз’яднання" з Расіяй

У нядаўняй публікацыі гэтага сайта наўпрост гаворыцца пра “временный и случайный характер возникновения Республики Беларусь”, пра тое, што “белорусы и русские — это часть одного большого народа” і што “возвращение к единству будет благом и для них самих, и для русского мира”.

Дарэчы, хоць сайт і мімікруе пад лакальны навінавы рэсурс, беларускага трафіку ў яго ўсяго 28,9%, а большасць яго аўдыторыі – 64,7% – з Расіі. Публікацыі, падобныя да згаданай вышэй, даюць звычайна шмат пераходаў з рэкамендацыйнага сэрвісу “Яндекс. Дзен”, а вялікі трафік дае добрыя даходы з рэкламы.

Як з дапамогай “мясцовых” сайтаў і суполак беларусаў рыхтуюць да “ўз’яднання" з Расіяй
Геаграфія наведнікаў grodno24.com паводле SimilarWeb

Стваральнік grodno24.com Мікіта Косцікаў рэгулярна посціць у Twitter абразлівыя для беларушчыны або прарасійскія запісы. Як бачна з яго акаўнта, за дзейнасцю Hrodna.life ён таксама сочыць.

Як з дапамогай “мясцовых” сайтаў і суполак беларусаў рыхтуюць да “ўз’яднання" з Расіяй

Як з дапамогай “мясцовых” сайтаў і суполак беларусаў рыхтуюць да “ўз’яднання" з Расіяй

Іншы падобны сайт GrodnoDaily мае раздзел “Блогі”, у якім рэгулярна публікуюцца тэксты пра русафобію і нацыяналізм у Беларусі, праплочаныя Захадам медыі і “сектантаў-апазіцыянераў”, небяспечную мяжу з Украінай, шкоднасць сімвалу Пагоні і нават пра тое, што шкодна называць вуліцу ў гонар Каліноўскага або банальна Віленскай.

Вясной 2018 года “Наша ніва” пісала пра тое, што прарасійскія актывісты за расійскія грошы ствараюць у Беларусі сетку нібыта лакальных рэсурсаў, якія публікуюць антыбеларускую і антызаходнюю “аналітыку”. Такія сайты ўдалося тады выявіць у Гомелі, Брэсце і Магілёве.

Таксама сёлета была выкрытая схема, паводле якой дзяржаўны медыяхолдынг “Россия Сегодня” фінансаваў псеўданезалежныя выданні ў краінах Балтыі.

Сінхронныя галасаванні ў ВКонтакте

У снежні 2018 расійскі прэм’ер Дзімтрый Мядведзеў у адказе на пытанне журналістаў, адзначыў, што для атрымання Беларуссю энаргарэсурсаў па зніжаным кошце краіне трэба ісці шляхам паглыбленне інтэграцыі, уключаючы “стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты”.

17 снежня расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі напісаў у сваім тэлеграм-канале, што Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расіі, калі хоча нізкіх цэнаў на газ. На яго думку, большасць беларусаў гэта падтрымае. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыясупольнасці адрэагаваў на заяву Жырыноўскага: “Гэтага не будзе ніколі”.

Пасля гэтай заявы беларускія рэгіянальныя групы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» сінхронна запусцілі галасаванні пра далучэнне Беларусі да Расіі. 

У залежнасці ад рэгіёнаў вынікі адрозніваліся. Так, у апытанні TUT.BY з Жырыноўскім пагадзіліся менш за 20% апытаных.

У групе «Это Гомель, детка» (111 000 падпісчыкаў) спыталі: “Куды трэба рухацца Беларусі?». 39% прагаласавалі за Еўрасаюз, 38% — за Расію, і 22% — за «свой шлях».

Як з дапамогай “мясцовых” сайтаў і суполак беларусаў рыхтуюць да “ўз’яднання" з Расіяй

Самы буйны адсотак за далучэнне да Расіі ў пабліку «Типичный Борисов». Тут галасавалі 2600 чалавек, з іх 43% адказалі «так», 56% — «не». У Віцебску ў пабліку з 146 000 падпісчыкаў прагаласавала 3588 чалавек. З із 41.11% абралі варыянт ЕС, 43.62% РФ, 15.27 % адказалі, што іх “і тут не плохо кормят”.

Цэнтр і Захад – за незалежнасть і інтэграцыю з ЕС

Зусім іншыя лічбы можна ўбачыць у Мінску і на Захадзе краіны. У суполцы «Твой Мінск» прагаласавала 2500 чалавек. 76,5% выступілі за захаванне незалежнасці.

Блізкі працэнт прыхільнікаў суверэнітэту і ў Брэсце. У апытанні на «БрестСити» прыняло ўдзел 1477 карыстальнікаў ВКонтакте. З іх 73% – за незалежнасць краіны.

У суполцы «Падслухана Пружаны» 72% рэспандэнтаў выступаюць за захаванне незалежнасці.

Hrodna.life таксама запусціў апытанне “Куды трэба рухацца Беларусі”. У апытанні прынялі ўдзел 803 чалавекі.

45.21% адказалі, што Беларусі трэба рухацца ў ЕС.

41.59% адказалі, што Беларусі трэба заставацца незалежнымі і захоўваць нейтралітэт.

Толькі 13.2% адказалі, што Беларусі трэба рухацца ў РФ.

Аднак эксперты лічаць падобныя апытанкі нерэпрезентатыўнымі.

“Апытанні ў сацсетках падвержаныя маніпуляцыям і не адлюстроўваюць сапраўдныя меркаванні насельніцтва. Да іх вынікаў трэба ставіцца вельмі асцярожна. Апошнія рэпрэзентатыўныя сацыялагічныя апытанні паказваюць, што цалкам увайсці ў склад Расіі хацелі б не болей за 3% беларусаў, а найбольш папулярны адказ на пытанне “У якім саюзе беларусам жылося б лепш”: незалежная Беларусь увогуле без саюзаў [такія лічбы дае апытанне BISS – рэд.). Сацыёлагі фіксуюць выразную тэндэнцыя на ізаляцыянізм і падзенне падтрымкі як інтэграцыі з ЕС, гэтак і з Расіяй”, – кажа Дзяніс Мельянцоў.

“Трэба разумець, што з аднаго боку гэтыя апытанні не рэпрэзэнтатыўныя, а з іншага боку Гродна і Віцебск увогуле моцна адрозніваюцца па тым, што ёсць у народнай свядомасці. Захад Беларусі не настолькі прарасійскі, як усходнія вобласці Беларусі”, – лічыць Паўлюк Быкоўскі.


Дарэчы, акрамя прарасійскіх сайтаў існуюць і адмысловыя прарасійскія паблікі ў ВК. Іх аб’ядноўвае не толькі любоў да Расіі, але і стабільна маленькая колькасць падпісчыкаў: “Антимайдан Беларусь” мае толькі 1720 удзельнікаў, “Гомель ПРОТИВ” – 661 удзельнік. Ёсць нават група-падробка папулярнай патрыятычнай суполкі “Мая Краіна Беларусь” – “Моя Страна Республіка Беларусь”. У арыгінальнай групе 133 тысячы падпісчыкаў, а ў прарасійскай – усяго 490 падпісчыкаў.

hrodna.life

Беларусь,Гарадзеншчына,Гародня,грамадства,Польшча
контакте
Зачыніць
Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на civilhrodna.org. © 2014-2019 «Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына»