Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына
BlrБеларуская
Праграмы Медыі пра нас Распавесці ідэю/праблему Партнёры Форум Кантакт
Навіны
Чацвер, Травень 25, 2017
|
Грамадства, Гродна, Навіны
Праглядаў: 369

Зрабіць тры фотаздымкі альбо аквагрым: у Смаргоні праходзіць шэраг дабрачынных акцый, каб сабраць грошы юнаку, хвораму на рак

Каб дапамагчы 25-гадоваму смаргонцу Максіму Лысенку, хвораму на востры лемфабласны лейкоз, у Смаргоні праходзіць шэраг дабрачынных мерапрыемстваў.

Сёння, 24 мая, а палове шостай у летнім амфітэатры пройдзе дабрачынны канцэрт-акцыя “Жыць”.

У ім паўдзельнічаюць творчыя калектывы і артысты Смаргоні. Падчас дабрачыннага мерапрыемства будуць працаваць фатографы, аквагрым, шоу мыльных пузыроў, фотазона, пракат ровараў, батуты.

Стаць удзельнікам акцыі можа любы ахвотны. Арганізатары заклікаюць: калі ў вас ёсць рэчы, якімі вы не карыстаецеся і можаце ахвяраваць імі, прыносьце. Будзе арганізаваны распродаж. Рэчы, якія застануцца, перададуць у Чырвоны Крыж.

Сфатаграфавацца, каб дапамагчы юнаку

Фота VAR.GE.

Фота VAR.GE.

А 26 мая ў гарадскім парку з трох дня і да васьмі вечара фатографы са Смаргоні: Аляксандр Паршукоў, Таццяна Войтка, Кацярына Католікава, Яўген Залескі арганізоўваюць дабрачынны фотапраект “Свет не без добрых людзей”.

Жадаючым прапануюць зрабіць тры прафесійныя фотаздымкі за 5 рублёў.

Усе выручаныя грошы ад дабрачынных мерапрыемстваў пойдуць на лячэнне Максіма. Арганізатары абяцаюць даць справаздачу ў суполцы.

Футбалісты таксама спрычыніліся да дабрачыннай акцыі

Фота bola.okezone.com.

Фота bola.okezone.com.

27 мая а шостай гадзіне вечара ў Смаргоні пройдзе чэмпіянат Беларусі па футболу “Першая ліга” паміж камандамі “ФК Смаргонь” і футбольным клубам “Смалявічы СТІ”. Цана білета – 1 рубель 50 капеек.

Усе грошы, выручаныя ад продажу білетаў і футбольнай атрыбутыкі пойдуць на лячэнне юнака.

Якая хвароба ў Максіма

Фота са старонкі ў сацсетках Максіма Лысенкі.

Фота са старонкі ў сацсетках Максіма Лысенкі.

Максім Лысенка хварэе на востры лемфабласны лейкоз. Гэта злаякаснае захворванне сістэмы крыві. Захворванне паражае косны мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і іншыя органы. Паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы больш характэрна падчас рэцыдываў пасля хіміятэрапіі.

Сёлета ў сакавіку Максіму зрабілі аперацыю па перасадцы коснага мозгу ў Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Аднак падчас лячэння пасля трансплантацыі коснага мозгу ўзніклі ўскладненні. Максіму тэрмінова патрэбныя лекі, якія робяць у Германіі. Неабходна 20 ампул. Курс каштуе касмічных грошай – 22 тысячы еўра. Сума непад’ёмная для маці Максіма Наталлі. Яна выхоўвае сына адна.

Пакуль на лячэнне юнака сабралі 7 тысяч 50 еўра. Яшчэ неабходна 14 тысяч 950 еўра.

Як дапамагчы Максіму Лысенку

Фота pngicon.ru.

Фота pngicon.ru.

Дабрачынныя рахункі на лячэнне Максіма Лысенкі адкрытыя ў ААТ “ААБ Беларусбанк” філіял №614/143 ААТ “ААБ Беларусбанка”.

Код банка:153001520, УНП 60052608, адрас: аграгарадок Лясны, 16-а.

Беларускія рублі

Транзітны рахунак: 3819382106084 на дабрачынны рахунак 000211 у аддзяленні 614/143.

Расійскія рублі

Транзітны рахунак 3819382119635 на дабрачынны рахунак 000154 у аддзяленні 614/143.

Долары ЗША

Транзітны рахунак 3819382119635 на дабрачынны рахунак 000184 у аддзяленні 614/143.

Еўра

Транзітны рахунак 3819382119635 на дабрачынны рахунак 000166 у аддзяленні 614/143.

Прызначэнне плацяжу: на лячэнне Максіма Лысенку.

Пакласці грошы можна таксама на нумар (8029) 502-23-24.

rh.by

Беларусь,Гарадзеншчына,Гародня,грамадства
контакте
Зачыніць
Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на civilhrodna.org. © 2014-2017 «Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына»